Раніца 14 кастрычніка 2015 года. Лагодныя сонечныя прамяні асвятляюць купалы Свята-Пакроўскага храма г.Кіраўска. У паветры — падбадзёрваючы подых лёгкай восеньскай прахалоды, пераплецены з гаючай душу Божай ласкай і адчуваннем чагосьці вялікага і ўрачыстага. Праваслаўныя кіраўчане спяшаюцца ў храм, каб аб’яднацца ў агульнай малітве падчас прастольнага свята.
Трапяткое хваляванне перад надыходам Покрыва Прасвятой Багародзіцы на прыходзе адчувалася ўжо напярэдадні.
У праваслаўных, сустракаючы свята, важна — у першую чаргу, падрыхтаваць душу.
На святочнай Божай літургіі прысутнічалі ганаровыя госці, сярод якіх — старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Адамаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, іншыя прадстаўнікі райвыканкама і выхаванцы нашага дзіцячага сада..
Пасля літургіі веруючыя аб’ядналіся ў хрэсны ход вакол храма. Падчас яго епіскап Серафім акрапіў святкуючых святой вадой, у кропельках якой — і Божая ласка, і міласць Багародзіцы, і радасць для душы і цела, а затым павіншаваў прыхаджан са святам.